Свет, у якім мы жывём, становіцца ўсё больш складаным, глабальным і ўзаемазвязаным. Складанасці, з якімі сутыкнуцца цяперашнія і будучыя пакаленні, будуць уплываць на ўвесь свет у доўгатэрміновай перспектыве. Зразумела, для вырашэння гэтых праблем патрабуецца свежы погляд, а таксама згуртаванасць і міждысцыплінарны падыход, арыентаваны на глабальныя змены. Калі мы хочам браць удзел у вырашэнні глабальных праблем, аднаго толькі спачування недастаткова. Нам трэба дапоўніць спачуванне адказным прыняццем рашэнняў на аснове больш шырокага разумення сістэм, у якіх мы жывём.
Глабальная сфера можа спачатку палохаць, аднак яна заснаваная на тых жа ведах і навыках, якія мы фарміруем у асабістай і сацыяльнай сферах, проста яны пашыраюцца да ўзроўню супольнасцяў, сацыяльных груп і сусветнай супольнасці. Ёсць падставы меркаваць, што, гэтак жа як мы натуральным чынам разумеем свае паводзіны і паводзіны іншых, мы можам гэтак жа натуральна зразумець прынцып працы сістэм. Паглыбляючы гэта ўсведамленне і прымяняючы крытычнае мысленне ў вырашэнні складаных задач, мы можам этычна ўдзельнічаць у вырашэнні глабальных праблем. Вырашэнне праблем становіцца больш цэласным працэсам, у якім мы пазбягаем драбнення задач на дробныя, разрозненыя часткі.
Мы можам вывучаць глабальны ўзровень вырашэння праблем праз наступныя тры аспекты:
- ўсведамленне ўзаемазалежнасці,
- разуменне чалавечай прыроды,
- ўдзел у вырашэнні грамадскіх і глабальных праблем.
Усведамленне ўзаемазалежнасці
Канцэпцыя ўзаемазалежнасці мае на ўвазе, што аб'екты і з'явы не ўзнікаюць па-за кантэкстам, але, наадварот, іх існаванне заснавана на мностве іншых аб'ектаў і з'яў. Напрыклад, наш абед з'явіўся дзякуючы велізарнай колькасці рэсурсаў і людзей, калі прасачыць, які шлях прайшлі яго інгрэдыенты. Узаемазалежнасць таксама прадугледжвае, што змены ў адной вобласці прывядуць да змяненняў у іншых месцах. У наступстваў ёсць прычыны, прычым наступствы могуць узнікнуць з-за вялікага спектру прычын і ўмоў.
Мэта разважанняў пра ўзаемазалежнасць не ў тым, каб дасягнуць сухога разумення прынцыпаў працы сусветных сістэм, а ў тым, каб выкарыстоўваць гэта веданне для нашых патрэбаў, для патрэбаў іншых людзей, а таксама для ўсёй планеты. Мы можам даследаваць узаемазалежнасць з двух бакоў:
- для разумення ўзаемазалежных сістэм,
- з пункту гледжання асобных людзей у кантэксце сістэм.
Разуменне ўзаемазалежных сістэм дапамагае зрушыць фокус з «унутранага» («я») і «іншых» (навакольныя людзі) на «вонкавае», то бок на больш шырокія сістэмы. Мы накіроўваем ўвагу на разуменне прынцыпаў ўзаемазалежнасці і на прынцып працы глабальных сістэм, такіх як прычынна-выніковая сувязь. Разважаючы пра асобных людзей у кантэксце сістэм, мы ўсведамляем, што наша існаванне, роўна як і існаванне людзей вакол нас, цесна звязана з мноствам падзей, прычын і людзей па ўсім свеце.
Разуменне ўзаемазалежных сістэм
Узаемазалежнасць – гэта і закон прыроды, і фундаментальны аспект рэальнасці чалавечага жыцця. Ніхто не можа выжыць і тым больш працвітаць без падтрымкі незлічонай колькасці іншых людзей, якія працуюць, каб вырабіць прадукты першай неабходнасці, забяспечыць людзей дамамі, а таксама падтрымліваць інфраструктуру, якая складаецца з мноства інстытутаў, якія выконваюць праваахоўную і адміністрацыйную функцыю, адказваюць за адукацыю, сельскую гаспадарку, транспарт, ахову здароўя і гэтак далей. Асноўныя шырока вядомыя крызісы, такія як спад сусветнай эканомікі ў 2007-2009 гадах, а таксама нарастаючая занепакоенасць кліматычнымі зменамі і пагрозай сусветнага ваеннага канфлікту, ілюструюць эканамічную і экалагічную ўзаемазалежнасць на сусветным узроўні.
У традыцыйных грамадствах людзі на значна больш глыбокім узроўні адчувалі сувязь адно з адным у паўсядзённым жыцці. Часта выжыванне залежала ад абмену і сумеснага выкарыстання рэсурсаў, а таксама ад грамадскай згуртаванасці ў розных відах дзейнасці, пачынаючы са збору ўраджаю, заканчваючы будаўніцтвам і абаронай ад драпежнікаў. Пасля індустрыяльнай рэвалюцыі ў людзей з'явілася жаданне палепшыць матэрыяльнае становішча і мы перасталі быць прывязанымі да аднаго месца і страцілі сувязь з мясцовай супольнасцю. Гэта стварыла ілюзію незалежнасці, у якую лёгка паверыць: калі мы становімся дарослымі, нам больш ніхто не патрэбен. З-за гэтага ілжывага пачуцця самадастатковасці ўсё больш узрастае пачуццё псіхалагічнай і сацыяльнай ізаляцыі. Мы глыбока сацыяльныя істоты, чыё выжыванне, роўна як і псіхалагічны дабрабыт, залежыць ад узаемаадносін з іншымі людзьмі.
Асобныя людзі ў кантэксце сістэм
Каб зрабіць разуменне ўзаемазалежных сістэм значным, трэба дапоўніць яго бачаннем больш шырокай карціны і нашага месца ў ёй. Гэта дапаможа нам пераадолець схільнасць памылкова лічыць, што мы не звязаныя з іншымі людзьмі ці незалежныя ад больш шырокай сістэмы. Мы пачынаем даследаваць адносіны з людзьмі і шматграннасць гэтых адносін, і ў выніку ў нас з'яўляецца:
- шчырае пачуццё ўдзячнасці да іншых людзей на сістэмным узроўні,
- больш глыбокае разуменне нашага патэнцыялу ўплываць на жыццё іншых людзей,
- ўмацавальная накіраванасць дзейнічаць дзеля глабальнага дабрабыту.
Спачатку мы назіраем за тым, як нашы паводзіны ўплываюць на іншых, і наадварот. Затым мы даследуем, як іншыя людзі рознымі спосабамі робяць свой уклад у наш дабрабыт. Для гэтага можна скласці спіс і перачытваць яго зноў і зноў. Замест таго каб канцэнтравацца выключна на знаёмых людзях, як мы гэта рабілі, разглядаючы сацыяльную сферу, мы ўключаем сюды незнаёмых людзей, супольнасці і сістэмы. Такім чынам, каб адчуць шчырую ўдзячнасць да іншых, вельмі важна зразумець, што мы не змаглі б працвітаць без падтрымкі незлічоных людзей – і не толькі працвітаць, але нават выжываць.
У глабальнай сістэме кожны чалавек уносіць свой уклад у забеспячэнне нашых патрэбаў. Калі мы гэта ўсведамляем, нам хочацца зрабіць што-небудзь для іншых у адказ. Нам ужо больш не трэба бачыць, як менавіта іншыя людзі нам дапамагаюць: мы і так прымаем той факт, што, па ўсёй верагоднасці, іншыя людзі прыносяць нам карысць. Па меры паглыблення гэтага разумення, узаемавыгадныя адносіны паступова становяцца для нас важнейшымі, чым вузкая эгацэнтрычная ці саперніцкая пазіцыя. Гэта ўзмацняльнае пачуццё сувязі з іншымі людзьмі напрамую пазбаўляе нас ад пачуцця адзіноты, узрошчваючы нашу здольнасць да добразычлівай радасці за іншых. Так мы вучымся адчуваць радасць за дасягненні іншых людзей, што служыць проціяддзем ад зайздрасці, а таксама грубай самакрытыкі і нерэалістычных параўнанняў сябе з іншымі.
Разуменне чалавечай прыроды
Больш поўнае разуменне ўзаемазалежнасці – у асаблівасці калі яно дапоўнена навыкамі клопату і эмпатыі, пра якія мы казалі, абмяркоўваючы грамадскую сферу, – дапамагае нам зарадзіць клопат пра іншых і ўсвядоміць, як мы звязаныя адно з адным. Пасля гэтае разуменне можна развіваць, пашыраць і ўмацоўваць, імкнучыся напрамую ўсвядоміць ўласцівую ўсім людзям чалавечнасць. На дадзеным этапе мы ўзбройваемся крытычным мысленнем, каб зразумець, у чым унутраны свет і абставіны жыцця людзей на фундаментальным узроўні падобныя адно да аднаго. Такім чынам, мы зможам развіваць павагу, эмпатыю і спачуванне да кожнага чалавека ў любым пункце свету, нават да тых, хто жыве вельмі далёка або здаецца зусім не падобным на нас. Мы даследуем нашу агульную чалавечую прыроду з пункту гледжання двух аспектаў:
- ўсведамленне фундаментальнай роўнасці ўсіх людзей,
- ўсведамленне ўплыву сістэм на іх дабрабыт.
Калі мы прызнаем фундаментальную роўнасць ўсіх людзей, то разумеем, што кожны чалавек – пачынаючы з нашых сяброў і сям'і, заканчваючы незнаёмымі людзьмі, якія жывуць у іншай частцы свету, – аднолькава моцна жадае шчасця і свабоды ад пакут. Усведамляючы ўплыў сістэм на дабрабыт людзей, мы разумеем, што сусветныя сістэмы могуць альбо спрыяць дабрабыту, альбо падвяргаць рызыцы дабрабыт людзей у залежнасці ад таго, прымаюць яны стваральныя каштоўнасці або ўвекавечваюць праблематычныя перакананні.
Усведамленне фундаментальнай роўнасці ўсіх людзей
Мы пашыраем ўсведамленне фундаментальнай роўнасці ўсіх людзей за межы нашай мясцовай супольнасці. Урэшце мы пашыраем гэтае ўсведамленне, каб яно ўключала ўвесь свет. Для гэтага мы канцэнтруемся на нашых сходствах з іншымі людзьмі – на жаданні квітнець і пазбягаць балючых адчуванняў, трывогі, стрэсу і нездаволенасці. Гэта дапамагае адысці ад прадузятасці і аслабіць нашу схільнасць абясцэньваць патрэбы іншых людзей.
Калі мы бачым сходствы паміж намі і іншымі людзьмі, наша катэгорыя «свае» можа пашырыцца, уключыўшы людзей розных нацыянальнасцяў, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці і гэтак далей. Здольнасць бачыць гэтыя сходствы па-рознаму выяўляецца ў грамадстве, пачынаючы з донарства крыві і заканчваючы спантанным жаданнем ўдзельнічаць у дабрачыннай дзейнасці, каб дапамагчы пацярпелым ад стыхійнага бедства або далучыцца да пратэстаў супраць несправядлівага стаўлення да сацыяльных груп, да якіх мы не адносімся. Навыкі ўсведамлення ўзаемазалежнасці, узрошчвання эмпатыі і клопату пра іншых абараняюць ад шматлікіх перашкод, з якімі мы можам сутыкнуцца ў адносінах з іншымі, напрыклад з прадузятасцю, пачуццём ізаляванасці і абыякавасцю да праблем людзей, якія знаходзяцца па-за межамі «нашай» супольнасці.
Калі мы канцэнтруемся на сабе, свет здаецца маленькім, а нашы праблемы і клопаты – велізарнымі. Аднак, калі мы звяртаем ўвагу на іншых людзей, свет пашыраецца. Нашы праблемы сыходзяць на перыферыю нашай свядомасці і больш не здаюцца такімі вялікімі, і ў нас з'яўляецца здольнасць адчуваць сувязь з іншымі людзьмі і дзейнічаць спагадліва.
Усведамленне ўплыву сістэм на дабрабыт людзей
Сістэмы могуць альбо спрыяць дабрабыту людзей, альбо падвяргаць яго рызыцы. Гэта можа адбывацца на культурным і структурным узроўнях з дапамогай прасоўвання стваральных каштоўнасцяў або ўвекавечання праблематычных перакананняў і ідэй няроўнасці. Можна паразважаць пра тое, што мы адчуваем, калі аказваемся ў сітуацыі няроўнасці, калі да нас ставяцца заганна і прадузята. Таксама мы можам паглядзець на прыклады з гісторыі або сучаснасці, якія дэманструюць наступствы такіх праблематычных сістэм. Нарэшце мы можам паразважаць над тым, ці была прадузятасць калі-небудзь апраўданая або ва ўсіх людзей ёсць роўныя правы імкнуцца да шчасця.
Вельмі важна развіваць эмпатыю да ўсіх людзей, бо ў чалавека, мяркуючы па ўсім, няма прыроджанай здольнасці спачуваць пакутам вялікіх груп іншых істот або праблемах сусветнага маштабу. Напрыклад, у большасці з нас ёсць моцная схільнасць суперажываць толькі аднаму пацярпеламу з многіх. Тым не менш, калі мы будзем вывучаць структурныя і культурныя праблемы, наша разуменне пакуты будзе паглыбляцца і наша рэакцыя на пакуту будзе станавіцца больш мудрай.
Усведамляючы нашу агульную чалавечую прыроду, мы можам навучыцца мець зносіны і супрацоўнічаць з рознымі этнічнымі і сацыяльнымі групамі, валодаючы больш рэалістычным бачаннем іншых людзей і больш рэалістычнымі чаканнямі. Глыбей ўсведамляючы сходствы паміж намі і іншымі людзьмі, мы будзем ставіцца да адрозненняў паміж намі з павагай, а не прадузятасцю, што зменшыць забабоны і раз'яднанасць. Дзякуючы разуменню таго, як сістэмы ўплываюць на дабрабыт чалавека, наша эмпатыя будзе паглыбляцца і пашырацца, як і крытычнае мысленне, накіраванае на пошук магчымых спосабаў памяншэння чалавечай пакуты.
Удзел у вырашэнні грамадскіх і глабальных праблем
Разуменне ўзаемазалежнасці і той карысці, якую нам прыносяць іншыя, а таксама ўсведамленне нашай агульнай прыроды дапамогуць нам зарадзіць пачуццё адказнасці і жаданне дзейнічаць. У такім выпадку мы натуральным чынам захочам адплаціць дабрынёй за дабрыню, якую атрымліваем ад грамадства, і дзейнічаць ад імя сацыяльна неабароненых і тых, хто мае патрэбу. Але як мы можам эфектыўна ўдзельнічаць у працы складаных сістэм на грамадскім ці сусветным узроўнях?
Глыбінны сэнс праграмы СЭЭ – дапамагчы нам распазнаць і раскрыць свой патэнцыял як спагадлівых грамадзян свету. Ёсць два аспекты, з якімі нам для гэтага трэба працаваць:
- наш патэнцыял да ажыццяўлення станоўчых змен у супольнасці і свеце,
- ўдзел у пошуку рашэнняў сацыяльных і глабальных праблем.
Гэтыя два аспекты шмат у чым падобныя, аднак першы дапамагае нам усвядоміць, што можам зрабіць асабіста мы, каб здзейсніць станоўчыя змены, зыходзячы з нашых здольнасцяў і магчымасцяў. Другі крок дапамагае нам адшукаць арыгінальныя рашэнні праблем, якія паўплываюць на супольнасць і на ўвесь свет.
Наш патэнцыял да ажыццяўлення станоўчых змен у супольнасці і свеце
Калі мы хочам прыняць удзел у вырашэнні грамадскіх і глабальных праблем, спрабуючы знайсці рашэнні, якія былі б карысныя і для нас, і для ўсіх астатніх, не ўпадаючы ў адчай і дзейнічаючы рэалістычна і эфектыўна, – мы павінны спачатку ўсвядоміць свае абмежаванні і магчымасці. Важна ўсвядоміць, што мы не заўсёды можам імгненна змяніць сітуацыю і для таго, каб вырашыць закаранелыя праблемы, спатрэбіцца час. Гэта не значыць, што мы не можам дзейнічаць эфектыўна. Калі мы адчуваем сябе бяссільнымі, калі сутыкаемся з цяжкімі задачамі, то адчуваць спачуванне да сябе і іншых становіцца значна складаней. Так бывае з-за таго, што спачуванне – жаданне або намер аблегчыць пакуты – абапіраецца на надзею, а менавіта на веру ў тое, што пакуты можна аблегчыць.
Магчыма, у нас не атрымаецца змяніць усю сістэму, але нашы дзеянні могуць быць накіраваныя на тое, каб змены сталі як мага больш істотнымі, паколькі мы засяроджваемся на ключавых элементах сістэмы. Гэта можа надаць нам сіл, і маштабы сістэмных і глабальных праблем не будуць здавацца ашаламляльнымі. Калі мы знойдзем некалькі ключавых аспектаў, якія мацней за ўсё ўплываюць на сістэму, то зможам сканцэнтравацца на працы з імі і дасягнуць высокіх вынікаў. Таксама мае сэнс паразважаць над тым, што, нават калі мы не зможам імгненна спрыяць глабальным зменам, нават невялікія змены, якіх мы можам дамагчыся, ужо шмат чаго каштуюць. Невялікія змены змогуць пазней прывесці да глабальных зменаў. Вялікія перамены могуць адбыцца дзякуючы мноству невялікіх калектыўных дзеянняў, напрыклад, калі сартаваць смецце на перапрацоўваемыя і неперапрацоўваемыя адходы. Дзякуючы глыбокаму разуменню ўзаемазалежных сістэм, мы прыходзім да перакананасці ў тым, што невялікія змены і нязначныя дзеянні закладваюць фундамент больш шырокіх змяненняў у будучыні, нават калі мы не можам убачыць вынікі адразу.
Складаныя сацыяльныя і глабальныя праблемы трэба разбіць на маленькія кавалачкі, каб іх можна было падрабязна разгледзець і пачаць з імі працаваць. Калі мы ўбачым, як нашы дзеянні могуць уплываць на маленькія аспекты праблемы і як гэтыя аспекты звязаныя паміж сабой у больш шырокіх сістэмах, мы станем больш упэўненымі і ў нашых дзеяннях з'явіцца сіла. Для гэтага нам неабходны навык крытычнага мыслення. У дадзеным выпадку крытычнае мысленне мае на ўвазе практыку разважання над складанымі праблемамі, калі мы пры гэтым кіруемся базавымі чалавечымі каштоўнасцямі. І хоць гэта не дае гарантыі, што іншыя палічаць нашы дзеянні карыснымі, крытычнае мысленне павялічвае верагоднасць спрыяльнага зыходу.
Удзел у пошуку рашэнняў сацыяльных і глабальных праблем
Нават калі мы не ў сілах вырашыць праблемы, мы ўсё роўна можам разважаць над праблемамі і іх магчымым рашэннем. Пры гэтым мы можам карыстацца наступнымі прынцыпамі:
- распазнаваць сістэмы і складанасць іх будовы,
- ацэньваць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы дзеянняў,
- ацэньваць сітуацыі, кіруючыся базавымі чалавечымі каштоўнасцямі,
- мінімізаваць уплыў разбуральных эмоцый і прадузятасці,
- ўзрошчваць адкрытасць, нацэленасць на супрацоўніцтва, але ў той жа час інтэлектуальную сціпласць,
- ацэньваць добрыя якасці і недахопы канкрэтнага плана дзеянняў.
Занадта часта мы прыступаем да дзеяння, не абдумаўшы належным чынам верагодныя кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы. Калі мы разглядаем якую-небудзь праблему, нам таксама варта падумаць пра тых, каго закрануць нашы дзеянні. Калі мы будзем падыходзіць да вырашэння праблем такім чынам і абвыкнем да гэтага падыходу, то натуральным чынам пачнем думаць пра больш аддаленыя наступствы нашых дзеянняў і пра тое, як яны паўплываюць на людзей, якія на першы погляд не звязаныя з задачай. Таксама трэба паглядзець, як нашы задачы суадносяцца з фундаментальнымі чалавечымі каштоўнасцямі і як вырашэнне праблемы будзе спрыяць росквіту на індывідуальным, сацыяльным і сусветным узроўнях.
Наш удзел у вырашэнні грамадскіх і сусветных праблем стане больш паспяховым, калі мы будзем больш адкрытымі. Тут маецца на ўвазе гатоўнасць супрацоўнічаць, вучыцца ў іншых, а таксама павага пунктаў гледжання, меркаванняў, ведаў і вопыту іншых людзей. Здаровыя дэбаты магчымыя толькі ў тым выпадку, калі мы прымаем пад увагу, што ў апанентаў таксама ёсць свае аргументы і асабісты вопыт, якія сфарміравалі іх перакананні, нават калі гэтыя перакананні адрозніваюцца ад нашых. Дэбаты і кансэнсус немагчымыя без інтэлектуальнай сціпласці і адкрытасці – у адваротным выпадку дыялог можа быць неканструктыўным і перарасці ў канфлікт і барацьбу за ўладу.
Нямногія сур'ёзныя праблемы можна вырашыць у адзіночку, не супрацоўнічаючы з іншымі людзьмі, аднак для гэтага неабходна ўмець дакладна даносіць свае думкі і каштоўнасці. Такім чынам, калі мы ўдзельнічаем у вырашэнні грамадскіх і сусветных праблем, нам вельмі спатрэбіцца здольнасць фармуляваць сваю пазіцыю, задаваць пытанні, вучыцца ў іншых і канструктыўна весці дэбаты. Здольнасць дакладна фармуляваць сваю пазіцыю, заснаваную на крытычным мысленні і глыбінных каштоўнасцях, роўна як і здольнасць вымаўляць натхняльную прамову нават ад імя тых, у каго няма магчымасці выказацца, – гэта найважнейшыя навыкі для ўсіх нас, грамадзян свету і лідараў-рэфарматараў.
Рэзюмэ
У першых дзвюх частках мы навучыліся кіраваць эмоцыямі і гарманічна выбудоўваць адносіны з сям'ёй, сябрамі і калегамі. У трэцяй, заключнай частцы мы пачынаем разумець, наколькі ўсё ў свеце ўзаемазалежна і як людзі падобныя адно да аднаго ў сваім жаданні быць шчаслівымі і пазбягаць пакут, а таксама як нашы дзеянні могуць унесці свой уклад у глабальныя змены.
Свет, у якім мы жывём, складаны. Калі мы становімся дарослымі, нам можа часам здавацца, што мы здольныя выжыць самастойна і нам больш не патрэбна нічыя дапамога. Можа ўзнікнуць пачуццё, што іншыя людзі, якія жывуць на гэтай планеце, для нас неважныя. Урэшце, яны так моцна ад нас адрозніваюцца. Часта можа здавацца, што змяніць свет вельмі складана або наогул немагчыма. Калі мы ўсведамляем, што на самай справе ўся ежа, якую мы ямо, адзенне, якое мы носім, машыны, якія мы водзім, – што ўсё гэта вынік працы іншых людзей, у нас натуральным чынам з'яўляецца пачуццё ўдзячнасці. Калі мы бачым, што іншыя людзі, нашы суседзі па планеце, як і мы, таксама хочуць быць шчаслівымі, мы пачынаем жадаць ім шчасця. Нарэшце, ведаючы, што нязначныя дзеянні ўносяць свой уклад у вялікія змены, мы будзем упэўненыя: які б стваральны ўчынак мы ні здзейснілі (няважна, наколькі ён значны), ён будзе карысны для свету.
Гэтая адукацыйная праграма прызначана не для таго, каб яе прачыталі і забыліся; трэба трэніравацца, крок за крокам. Мы, людзі, адрозніваемся адно ад аднаго, аднак усе мы сутыкаемся з цяжкасцямі, спрабуючы знайсці свой шлях, сустракаючы іншых людзей і трапляючы ў сацыяльныя сітуацыі. Калі гаворка ідзе пра тое, як спраўляцца з узлётамі і падзеннямі, можна правесці дакладнае размежаванне паміж паводзінамі, матываванымі асабістымі інтарэсамі, і паводзінамі, калі мы прымаем пад увагу інтарэсы іншых людзей. Добра ведаючы свае імпульсы і забабоны і ўсведамляючы сваю здольнасць кіраваць сваімі рэакцыямі і крытычна глядзець на сітуацыі, мы можам справіцца з любой жыццёвай цяжкасцю. Мы можам рухацца далей, раскрываючы свой неверагодны патэнцыял служыць дабру, прыносячы карысць сабе, людзям вакол і ўсяму свету.
Калі вы хочаце даведацца больш, прачытайце поўнае апісанне прынцыпаў праграмы СЭЭ, а таксама пазнаёмцеся з іншымі праграмамі Цэнтра сузіральных навук і этыкі, заснаванай на спачуванні.