Навыкі эмацыйнай пісьменнасці і самарэгуляцыі, якім мы навучыліся, калі гаварылі пра асабістую сферу, несумненна вельмі дапамогуць нам атрымаць поспех у жыцці. Тым не менш, паколькі людзі па сваёй прыродзе сацыяльныя істоты, нам таксама важна ўмець мець зносіны з іншымі людзьмі. Раней лічылася, што сацыяльныя навыкі закладзены ў нас ад нараджэння і на іх нельга паўплываць, аднак апошнія навуковыя даследаванні ўсё часцей гавораць пра тое, што сацыяльныя навыкі можна развіваць з дапамогай навучання, разважання і наўмыснай практыкі. «Сацыяльныя» значыць тыя, што адказваюць за міжасобаснае ўзаемадзеянне з навакольнымі, а таксама за ўзаемадзеянне ўнутры малых супольнасцяў, такіх як школа, офіс, сям'я ці раён. Больш шырокія супольнасці, такія як горад, грамадства ці цэлы свет будуць разгледжаны ў трэцяй, глабальнай сферы.
Усвядомленасць, спачуванне і ўдзел у сацыяльным кантэксце
Грамадская сфера шмат у чым падобная на асабістую, за выключэннем таго, што ў дадзеным выпадку мы канцэнтруемся не на сабе, а на іншых. Зноў мы разглядаем тры напрамкі: усвядомленасць, спачуванне і ўдзел. Усвядомленасць у дадзеным выпадку азначае, што мы ў цэлым накіроўваем усведамленне на іншых, а таксама на сябе як на сацыяльных істот; паколькі мы звязаныя з іншымі людзьмі, мы маем патрэбу ў іншых людзях і нашы дзеянні на іх уплываюць. Усвядомленасць таксама ўключае ў сябе разуменне таго, чым мы, людзі, падобныя адно да аднаго і чым мы адрозніваемся. Спачуванне азначае выкарыстанне ведаў, атрыманых пры вывучэнні асабістай сферы, для таго каб навучыцца разумець людзей і іх эмоцыі, дзякуючы чаму мы будзем менш антаганістычнымі і прадузятымі. Мы таксама выкарыстоўваем набытыя веды для развіцця сацыяльных якасцяў, такіх як удзячнасць, прабачэнне, шчодрасць і сціпласць. Нарэшце, ўдзел ўключае ў сябе выкарыстанне згаданых ведаў і ўсвядомленасці для таго, каб навучыцца канструктыўна мець зносіны з іншымі людзьмі. Такім чынам, тры аспекты грамадскай сферы наступныя:
- міжасобасная ўсвядомленасць,
- спачуванне да іншых людзей,
- навыкі зносін.
Міжасобасная ўсвядомленасць
Хоць у нас ёсць прыродная схільнасць канцэнтравацца толькі на ўласных інтарэсах, з часам мы можам асвоіць новы навык – мець зносіны з людзьмі, улічваючы іх сапраўдныя інтарэсы. Гэта прынясе шмат карысці не толькі іншым людзям, але і нам. Напрыклад, калі мы адчуваем удзячнасць да іншых людзей, гэта ўзмацняе адчуванне дабрабыту, а таксама пачуццё еднасці. Міжасобасная ўсвядомленасць ўключае наступныя тры аспекты:
- ўвага да сацыяльнай рэальнасці,
- ўвага да агульнай рэальнасці,
- павага адрозненняў і разнастайнасці.
Увага да сацыяльнай рэальнасці азначае, што мы здольныя распазнаваць ўласцівую нам сацыяльную прыроду, а таксама важнасць іншых людзей і іх ролю ў нашым жыцці. Увага да агульнай рэальнасці ўключае ў сябе ўсведамленне таго, што на фундаментальным узроўні ў нас і ў іншых людзей ёсць нешта агульнае – жаданне быць шчаслівымі і пазбягаць пакут. Нарэшце, павага адрозненняў і разнастайнасці выяўляецца ў тым, што мы цэнім разнастайнасць, унікальнасць і адрозненні паміж асобна ўзятымі людзьмі і групамі, а таксама бачым іх уклад у грамадскае жыццё.
Увага да сацыяльнай рэальнасці
Як гаворыцца ў прыказцы, «адзін у полі не воін». Рэальнасць такая, што людзі – сацыяльныя істоты, і, разумеем мы гэта ці не, незлічоная колькасць людзей адыгрываюць у нашым жыцці важную ролю. Фундаментальная дадзенасць, што іншыя людзі, як і мы самі, існуюць і пазнаюць свет як суб'екты, можа часам ад нас уцякаць. З-за гэтага мы можам лёгка трапіць у пастку, думаючы, што толькі ў нас ёсць жаданні і патрэбы, што толькі мы заслугоўваем увагі і клопату.
Для пачатку мы можам паразважаць пра тых людзей, якія паўплывалі на наша развіццё, пра тых, хто працягвае ўплываць на наша жыццё, а таксама пра тых, хто паўплывае на нас у будучыні. Напрыклад, мы можам падумаць пра сваіх бацькоў або пра тых, хто забяспечваў або да гэтага часу забяспечвае нас усім неабходным, уключаючы абарону нашага жыцця. Таксама ёсць людзі, якія складаюць нам кампанію. На больш шырокім узроўні незлічоная колькасць людзей вырошчвае ежу, якую мы ямо, і вырабляе вопратку, якую мы носім. Разважанне на падобныя тэмы ляжыць у аснове развіцця ўдзячнасці, эмпатыі і спачування да іншых людзей.
Увага да агульнай рэальнасці
Акрамя таго што іншыя людзі існуюць і так ці інакш робяць што-небудзь для нас, нам трэба зразумець, што ў гэтых людзей таксама ёсць эмацыйнае жыццё. Фундаментальная ўдзячнасць да іншых людзей ўзмацняецца за кошт усведамлення таго, што на асноватворным узроўні мы вельмі падобныя, а існуючыя адрозненні не павінны змяншаць нашу ўдзячнасць. Сходствы, на якія мы звяртаем увагу, – гэта фундаментальныя чалавечыя перажыванні, якія ёсць ва ўсіх людзей. Іншыя людзі, гэтак жа як і мы, хочуць быць шчаслівымі і не хочуць пакутаваць. У іх таксама ёсць эмацыйнае жыццё – жаданні, патрэбы, страхі, надзеі і гэтак далей. Яны захворваюць, іх магчымасці абмежаваныя, яны сутыкаюцца з перашкодамі, перажываюць радасці і няўдачы. Усведамленне гэтых сходстваў – навык, які мы можам развіць і зрабіць звыклым.
Развіўшы ў той ці іншай ступені эмацыйную пісьменнасць і стварыўшы карту розуму і эмацыйнай усвядомленасці, мы зможам лягчэй заўважаць сходствы, якія аб'ядноўваюць нас з іншымі людзьмі. У той жа час трэба паразважаць пра тое, чым іншыя людзі адрозніваюцца ад нас. Хоць у кожнага ёсць свае жаданні, патрэбы, страхі і надзеі, іншыя людзі неабавязкова адчуваюць усе гэтыя пачуцці ў дачыненні да тых жа самых рэчаў, што і мы. Гэта трэба прызнаваць і паважаць. Больш за тое, у іншых людзей свой жыццёвы вопыт, свае перакананні і веды, і ўсё гэта варта павагі. Разумеючы нашы адрозненні і паважаючы сходствы, мы прыходзім да разумення сябе і іншых, і гэта важны навык міжасобасных зносін.
Павага адрозненняў і разнастайнасці
Адна з асаблівасцяў нашай агульнай рэальнасці ў тым, што мы ўсе розныя і кожны з нас унікальны. Мы належым да розных сацыяльных груп, у кожнай з якіх ёсць характэрныя асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад іншых. У нас рознае выхаванне, розныя сямейныя абставіны і ўнікальны жыццёвы вопыт, які паўплываў на нашы перакананні і памкненні.
Такім чынам, разнастайнасць – гэта частка нашай агульнай рэальнасці. Мы можам цаніць разнастайнасць само па сабе, як нешта аб'ядноўваючае ўсіх нас, чым тое, што раз'ядноўвае. Прызнанне адрозненняў і разуменне таго, які ўклад разнастайнасць ўносіць у жыццё грамадства, вельмі важна ў нашым свеце, які становіцца ўсё больш плюралістычным і глабалізаваным. Гэта ўсведамленне можа паслужыць асновай сапраўднай эмпатыі і спачування.
Спачуванне да іншых
Усе сацыяльныя якасці, з аднаго боку, вырастаюць з спачування, а з другога – умацоўваюць яго. Калі міжасобасная ўсвядомленасць пракладае дарогу да гадавання шырокага спектру сацыяльных якасцяў, то спачуванне дапамагае змясціць іх у этычны кантэкст. Ёсць тры шляхі развіцця спачування:
- праз разуменне пачуццяў і эмоцый іншых людзей у правільным кантэксце,
- праз разуменне важнасці дабрыні і спачування і ўзрошчванне гэтых якасцяў,
- праз разуменне важнасці іншых этычных якасцяў і іх развіццё.
Вучымся разумець пачуцці і эмоцыі іншых людзей у правільным кантэксце
Калі мы не разумеем свае эмоцыі, гэта прыводзіць да самабічавання; гэтак жа, калі мы не разумеем або не ўхваляем учынкі іншых людзей, то нашай натуральнай рэакцыяй будзе асуджэнне. Разуменне таго, як нашы эмоцыі ўзнікаюць з жаданняў і патрэбаў, прыводзіць да прыняцця сябе і спачування да сябе, і тое ж самае тычыцца нашага стаўлення да іншых людзей.
Калі мы разумеем, што іншыя людзі дзейнічаюць пад уплывам эмоцый, а гэтыя эмоцыі паўсталі ў кантэксце пэўных патрэбаў, якія ляжалі ў іх аснове, то мы натуральным чынам праяўляем эмпатыю і спачуванне замест злосці і асуджэння. Наша задача ў дадзеным выпадку не закрываць вочы на недарэчныя паводзіны, а паспрабаваць зразумець іншых людзей і іх эмоцыі на чалавечым узроўні.
Разуменне важнасці дабрыні і спачування і ўзрошчванне гэтых якасцяў
Нам можа быць відавочна, што са спачування і жорсткасці варта выбіраць спачуванне, аднак мы лёгка можам пра гэта забыць. І на нашым асабістым вопыце, і на прыкладах з гісторыі мы можам убачыць, што спачуванне не заўсёды было ў цане. У гісторыі ёсць шмат прыкладаў таго, як людзі прымалі жорсткасць іншых людзей ці проста не надавалі значэння сваёй жорсткасці.
Спачуванне – яркая якасць, якая можа быць вельмі карыснай, аднак, калі мы проста будзем мысленна загадваць сабе быць спагадлівымі, гэта ні да чаго не прывядзе. Нам варта зразумець, што з'яўляецца і што не з'яўляецца спачуваннем, і пачаць цаніць яго, жадаючы развіваць гэту якасць у сабе. Звычайна перад тым, як пачаць развіваць спачуванне, прасцей пачаць развіваць дабрыню – ўважлівае і клапатлівае стаўленне да іншых.
Спачуванне – гэта жаданне аблегчыць пакуты іншых людзей. Хоць многія не падзяляюць пункт гледжання, што спачуванне – цэнтральны аспект чалавечага існавання, даследаванні паказваюць на біялагічныя прычыны праявы спачування. Усе сысуны і птушкі для выжывання маюць патрэбу ў мацярынскім клопаце з-за таго, што дзіцяняты не могуць выжыць самастойна адразу пасля нараджэння. Альтруістычныя паводзіны ў розных відаў жывёл, у тым ліку ў людзей, стварае паміж асобінамі ўзаемныя сувязі, якія спрыяюць выжыванню і працвітанню як на асабістым, так і на групавым узроўнях. Такім чынам, спачуванне – гэта шмат у чым пытанне выжывання. Гэта тлумачыць, чаму ў людзей ёсць моцная цяга да дабрыні з самых малых гадоў і чаму мы так станоўча рэагуем на спачуванне нават на фізіялагічным узроўні.
Разуменне важнасці іншых этычных якасцяў і іх развіццё
Акрамя спачування мы таксама можам развіваць такія якасці, як удзячнасць, прабачэнне, задаволенасць, сціпласць, цярпенне і гэтак далей. Агульная рыса этычных якасцяў – гэтыя ўнутраныя якасці прыносяць нам карысць і шчасце, а не матэрыяльныя даброты або дасягненні. Калі мы цэнім іншых людзей і адчуваем удзячнасць за іх уклад у наша жыццё, гэта ідзе ўразрэз з канцэпцыяй самарэкламы і назапашваннем маёмасці як асноўнымі спосабамі дасягнення доўгатэрміновага задавальнення і шчасця. Нам трэба ўсвядоміць, наколькі важныя гэтыя ўнутраныя якасці. Даследаванні паказваюць, што ўзровень задаволенасці жыццём спыняецца на пэўным этапе матэрыяльнага дабрабыту, у той час як удзячнасць і шчасце цесна звязаныя адно з адным і ў дзяцей, і ў дарослых. Удзячнасць не толькі павышае ўзровень задаволенасці жыццём, але таксама абараняе ад матэрыялістычных ідэй, якія мы атрымліваем з сацыяльных сетак, рэкламы і тэлебачання.
Іншыя людзі па-рознаму ўносяць уклад у наша жыццё, і для гэтага ім неабавязкова мець намер зрабіць для нас нешта добрае. Мы таксама можам быць удзячныя за непрычыненне шкоды: у нас нічога не скралі, нам не нашкодзілі, нас не абразілі. На больш прасунутым узроўні мы можам нават навучыцца цаніць карысць, якую атрымліваем, калі нам прычыняюць шкоду. Мы можам паглядзець на прыклады людзей, якія сутыкнуліся з неверагоднымі цяжкасцямі, але прайшлі праз іх, перагледзелі свае погляды і пасля сталі жыць больш шчасліва і асэнсавана. Нам не варта закрываць вочы на непрыстойныя паводзіны іншых людзей, але, тым не менш, здольнасць паглядзець на сітуацыю з іншага ракурсу – гэта эфектыўны спосаб саўладаць з гневам, абурэннем і нянавісцю. Мы імкнемся зразумець, як іншыя людзі прыносяць нам карысць, і дзякуючы гэтаму ў нас можа зарадзіцца шчырая, пастаянная ўдзячнасць, якая, у сваю чаргу, дапамагае ўсталяваць моцную сувязь з іншымі людзьмі.
Разважаючы пра недахопы эгацэнтрычнага стаўлення да жыцця і пра тое, як наша шчасце і дабрабыт залежаць ад незлічоных праяў дабрыні з боку іншых людзей, мы натуральным чынам адчуваем удзячнасць.
Нам таксама трэба развіваць эмпатыю – здольнасць праяўляць чуласць да іншых людзей і распазнаваць іх перажыванні, і сумныя, і радасныя. Большасць людзей натуральным чынам праяўляе эмпатыю да сяброў і блізкіх людзей, аднак мы можам пашыраць межы эмпатыі, робячы яе ўсёабдымнай і бесстаронняй. Спалучаючы эмпатыю з веданнем агульных фундаментальных сходстваў паміж людзьмі, мы можам зарадзіць сапраўдную эмпатыю, якая не так абмежаваная прадузятасцю. Эмпатычнае стаўленне да іншых ўключае ў сябе спробу зразумець іх абставіны і пункт гледжання. Напрыклад, замест таго каб сказаць: «Ён эгаіст», мы можам сказаць: «Яго паводзіны можна лічыць эгаістычнымі». Гэта дапамагае нам не глядзець на чалавека як на непапраўнага эгаіста, але дазваляе быць адкрытымі і заўважаць праявы эгаізму.
Даследуючы нашы сходствы з іншымі людзьмі і развіваючы ўдзячнасць і эмпатыю, мы таксама натуральным чынам даруем іншым. Калі мы вызваліліся ад нерэалістычных чаканняў і навучыліся прымаць сябе, нам прасцей справіцца са злосцю і крыўдай на іншых людзей. Такім чынам, прабачэнне становіцца падарункам, які мы дорым сабе.
Навыкі зносін
У паўсядзённым жыцці нам даводзіцца арыентавацца ў складаных міжасобасных узаемадзеяннях, пачынаючы з сяброўскіх адносін і сямейных скандалаў і заканчваючы адносінамі з калегамі. Каб быць шчаслівымі і паспяховымі, неабходна ўмець прыстасоўвацца да шырокага спектру сацыяльных сітуацый. Доўгатэрміновы дабрабыт у значнай ступені залежыць ад нашай здольнасці пачынаць і падтрымліваць значныя, канструктыўныя адносіны і ў той жа час распазнаваць і завяршаць згубныя для нас адносіны.
Два папярэднія аспекты гэтага курса – ўсведамленне нашай сацыяльнай прыроды і разуменне эмоцый іншых людзей у правільным кантэксце – ствараюць аснову, на якой мы можам сфармаваць навыкі, паводніцкія патэрны і практыкі, якія лепш за ўсё будуць спрыяць нашаму асабістаму і грамадскаму дабрабыту. Нават калі нашы паводзіны заснаваныя на эмпатыі і спачуванні, часам нашы дзеянні аказваюцца неэфектыўнымі. Мы можам дзейнічаць з добрых памкненняў, але ў выніку ненаўмысна ствараем складанасці для сябе і іншых людзей. Мінімізаваць гэту праблему нам дапаможа вопыт. Нам варта актыўна практыкаваць вывучаныя навыкі, пакуль яны не стануць звыклымі. Ёсць чатыры аспекты, у якіх мы можам трэніравацца:
- эмпатычнае слуханне,
- майстэрскія зносіны,
- дапамога іншым,
- трансфармацыя канфлікту.
Эмпатычнае слуханне
Практыкуючы эмпатычнае слуханне, мы слухаем іншых з адкрытым розумам і не закрываемся з-за сваіх эмацыйных рэакцый. Гэты навык грунтуецца на павазе іншага чалавека, нават калі яго погляды не супадаюць з нашымі. Мы можам практыкаваць эмпатычнае слуханне, спалучаючы яго з «глыбінным слуханнем», калі мы стараемся слухаць, устрымліваючыся ад каментароў і асуджэння, практыкуючы кароткімі прамежкамі па некалькі хвілін кожны. Таксама можна глядзець відэазапісы або слухаць аўдыёзапісы людзей, з якімі мы не згодныя, ставячы запіс на паўзу і перафразуючы сказанае, перш чым эмацыйна рэагаваць.
Эмпатычнае слуханне заключаецца ў тым, што мы звяртаем увагу не толькі на павярхоўны сэнс, але таксама спрабуем зразумець патрэбы і памкненні таго, хто гаворыць, якія могуць праясніць кантэкст сказанага.
Майстэрскія зносіны
Слухаць вельмі важна, але нам таксама важна ўмець даносіць сваю думку тактычна, канструктыўна і так, каб гэта натхняла і нас, і іншых людзей. Ідэя «натхняльных зносін» заключаецца ў тым, каб гаварыць выразна і з павагай, выказваючыся не толькі ад сваёй асобы, але і ад асобы тых, хто не можа заявіць пра сябе. Вельмі карысным інструментам могуць быць дэбаты. Напрыклад, мы можам паспрабаваць дэбатаваць з сябрамі, прымаючы той бок, з якім мы звычайна не згодныя. Паколькі ў нас, у людзей, ёсць схільнасць пазбаўляць сваіх ідэйных апанентаў легітымнасці або нават чалавечнасці, такі вопыт можа дапамагчы развіць сціпласць, інтэлектуальную цікаўнасць і пачуццё еднасці.
Дапамога іншым
Уменне слухаць і гаварыць – фундаментальныя навыкі, аднак мы таксама можам самымі разнастайнымі спосабамі дапамагаць іншым. Дапамога заўсёды павінна адпавядаць чужым патрэбам, а таксама суадносіцца з нашымі здольнасцямі. Даследаванні паказваюць, што аказанне дапамогі на любых узроўнях, пачынаючы з працы ў сацыяльных службах і валанцёрства і заканчваючы выпадковымі праявамі дабрыні, нават больш спрыяе нашаму дабрабыту, чым атрыманне дапамогі ад іншых.
Мы можам паразважаць пра дапамогу іншым: што мы адчуваем, калі дапамагаем іншым, чаму мы вучымся, як мы можам дапамагаць лепш і як гэта ўплывае на тых, каму мы дапамагаем. Урэшце мы пачнем бачыць глыбей за павярхоўны ўзровень і зразумеем, якая на самай справе людзям патрэбна дапамога, каб быць шчаслівымі ў доўгатэрміновай перспектыве.
Трансфармацыя канфлікту
На працягу жыцця мы непазбежна будзем сутыкацца з канфліктамі. Канфлікт сам па сабе – гэта неабавязкова дрэнна, аднак навык кіравання канфліктам жыццёва важны як для нас, так і для іншых людзей. Вырашэнне канфлікту можа ўнесці ўклад у дабрабыт абодвух бакоў канфлікту, аднак гэта толькі адзін з этапаў трансфармацыі абставінаў і адносін. Нам трэба навучыцца канструктыўна рэагаваць на канфлікт і садзейнічаць супрацоўніцтву, узгадненню інтарэсаў і міру ў адносінах.
Унутраная ўлагоджанасць служыць фундаментам мірных дзеянняў звонку. Гэтак жа ўнутраная гармонія служыць асновай для знешняй. Наша ўнутраная праца павялічвае шанцы на паспяховую трансфармацыю канфлікту. Калі мы не будзем развіваць сціпласць, эмпатыю, спачуванне, прабачэнне, бесстароннасць і разуменне нашай агульнай чалавечай прыроды, то нам будзе цяжка дасягнуць трансфармацыі канфлікту і прымірэння, ці нават наогул немагчыма. Калі ў нас ёсць усе гэтыя якасці і навыкі, то ўладжванне канфлікту можа стаць глыбокім і сапраўды трансфармуючым вопытам для ўсіх уцягнутых у канфлікт бакоў.
Рэзюмэ
У першай частцы гэтага курса мы развіваем эмацыйную пісьменнасць, каб навучыцца лепш разумець сябе. У гэтай, другой па ліку частцы мы выкарыстоўваем атрыманы вопыт для ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі: з нашай сям'ёй, сябрамі, калегамі і незнаёмымі людзьмі. Развіццё навыкаў зносін цесна звязана з прынцыпамі дабрыні і спачування. Па меры практыкі сацыяльныя навыкі перастаюць быць проста наборам тэхнік: дзякуючы ім у нас натуральным чынам узнікае павага і клопат пра іншых людзей. Калі мы асвойваем і практыкуем пазітыўныя стратэгіі, выкарыстоўваючы іх у сацыяльных сітуацыях, не толькі нашы адносіны становяцца больш гарманічнымі, але і мы самі адчуваем больш шчасця і задаволенасці.
Калі вы хочаце даведацца больш, прачытайце поўнае апісанне прынцыпаў праграмы СЭЭ, а таксама пазнаёмцеся з іншымі праграмамі Цэнтра сузіральных навук і этыкі, заснаванай на спачуванні.