Чалавечы розум – гэта адначасова і крыніца, і, калі ён накіраваны ў патрэбнае рэчышча, рашэнне ўсіх праблем. Нават калі чалавек атрымаў выдатную адукацыю, але яму не хапае дабрыні ў сэрцы, ён увесь час знаходзіцца ў небяспецы: яму лёгка пасці ахвярай трывогі і неспакою, выкліканых невыканальнымі жаданнямі. Матэрыялістычныя веды лёгка могуць стаць крыніцай негатыўных думак і пачуццяў. І наадварот, сапраўднае разуменне духоўных каштоўнасцяў прыносіць мір і спакой. – 14-ы Далай-лама
Калі ў Цэнтры Далай-ламы па этыцы і пераўтваральных каштоўнасцях пры Масачусецкім тэхналагічным інстытуце Яго Святасць даваў лекцыю пра тое, чаму важна гаварыць пра агульначалавечую этыку, ён адзначыў, што даволі вялікая частка з сямі мільярдаў людзей на планеце не спавядае ні адну рэлігію, і гэта азначае, што мы не можам даць гэтым людзям рэлігійную сістэму трэніроўкі розуму. Далай-лама падкрэсліў, што вельмі важна стварыць свецкую адукацыйную сістэму трэніроўкі розуму.
У той час у ЗША выліўся фінансавы крызіс, і ў сувязі з гэтым Далай-лама звярнуў увагу: большасць кіраўнікоў з Уол-стрыт скончылі ўніверсітэты з Лігі плюшчу. Як так магло адбыцца, што прагнасць і падман, якія сталі відавочнымі падчас крызісу, не былі пераадолены яшчэ падчас навучання? Цяпер цэнтр пры МТІ даследуе, як спраўляцца з прагнасцю, хлуснёй і іншымі разбуральнымі эмоцыямі праз разуменне таго, як гэтыя эмоцыі ўплываюць на прыняцце рашэнняў, а таксама разуменне доўгатэрміновых наступстваў прынятых намі рашэнняў.
Яго Святасць таксама гаварыў пра тое, як прымяняць агульначалавечую этыку на практыцы, прапаноўваючы тры сферы:
- этыка ўстрымання,
- этыка дабрадзейнасці,
- этыка альтруізму і спачування.
Этыка ўстрымання паказвае, як адмовіцца ад шкодных звычак цела і мовы. Яго Святасць сказаў, што цела грубае, а розум – тонкі. Калі мы не можам кіраваць нават сваім целам, то як можна разлічваць на тое, што мы зможам кіраваць розумам? Спачатку назіраючы за шкоднымі звычкамі цела і мовы, а затым і розуму, мы трэніруемся ў этыцы ўстрымання, дзякуючы чаму пасля мы зможам практыкаваць этыку дабрадзейнасці. Этыка дабрадзейнасці азначае, што мы здзяйсняем усё больш і больш стваральных учынкаў, практыкуючы спачуванне, дабрыню, праніклівасць і ўменне дараваць. У канчатковым рахунку гэта падводзіць нас да этыкі альтруізму і спачування, калі мы прысвячаем сваё жыццё іншым людзям.