У нашы дні рэзка павялічылася колькасць маладых людзей, якія адчуваюць цяжкасці ў галіне ментальнага здароўя. Гэты сур'ёзны крызіс назіраецца ва ўсім свеце. І тады ўзнікае пытанне, як вырашыць праблему.
Мы бачым, як шмат войнаў, канфліктаў і тэрарыстычных нападаў пачынаюцца нібыта ў імя рэлігіі. Куды б Яго Святасць Далай-лама ні адправіўся, да яго прыходзяць розныя людзі, сярод якіх педагогі, сацыяльныя работнікі і медыкі, і ўсе яны задаюць адно пытанне: што не так з гэтым светам? Свет апынуўся ў крызіснай сітуацыі з-за тэрарызму, карупцыі, дыскрымінацыі па гендэрнай прыкмеце, разрыву паміж багатымі і беднымі, а цяпер яшчэ з-за ментальных праблем у моладзі. Колькасць маладых людзей, якія адчуваюць цяжкасці ў галіне ментальнага здароўя, рэзка ўзрасла, прычым настолькі, што гэта перарасло ў сур'ёзны крызіс. Як мы можам вырашыць гэтыя праблемы?
Калі казаць пра ментальнае здароўе, трэба зразумець, чаму гэтая праблема так абвастрылася, калі сучасная адукацыя была створана для таго, каб вырашаць падобныя праблемы. У чым менавіта праблема? Як яна ўзнікла? Такое пытанне часта задаюць Яго Святасці. Яго Святасць без ценю сумнення адказвае: так адбываецца з-за таго, што ў сучаснай сістэме адукацыі ёсць сляпая пляма. Сістэма адукацыі распрацавана ў першую чаргу для таго, каб развіваць інтэлект. Калі на занятку вы скажаце, што два плюс два роўна чатыры, то атрымаеце залік. Калі вы альтруіст, у вас неверагодна добрае сэрца і вы харызматычныя, але скажаце, што два плюс два – гэта дзесьці каля чатырох, то вы не атрымаеце залік. Ніхто не прыме ў разлік ваша сэрца! Даверу заслугоўвае толькі мозг.
Вось у чым уся справа. Развіваючы толькі мозг, мы неабавязкова зробім свет больш шчаслівым, і гэта не гарантуе, што сярод людзей будзе давер, любоў і спачуванне. Што на практыцы можа быць рухаючай сілай, імпульсам, які штурхае чалавецтва да міру і гармоніі? Гэта сэрца, наша чалавечае сэрца.
Каб працвітанне свету стала магчымым без шкоды для сэрца, нам таксама патрэбная мудрасць. Мудрасць і сэрца павінны ісці поплеч. Прымаючы гэта пад увагу, можна сказаць, што аснова этыкі і маралі – гэта нешта агульначалавечае, і гэта спагадлівае сэрца. Ніхто гэтага не адмаўляе. Няважна, што за чалавек перад намі: вернік ці нявернік, адукаваны ці неадукаваны. Кожны радуецца, калі ў яго ёсць хто-небудзь, хто праяўляе клопат і ўвагу. Памятайце пра тое, што ў сваёй аснове этыка нясе спачуванне – любоў і спачуванне да іншых.
Наступнае пытанне ў тым, што мы можам зрабіць. Як мы можам дамагчыся сваіх мэтаў? Па-першае, у гэтым могуць дапамагчы цэнтры, заснаваныя па ўсім свеце. Напрыклад, у Цэнтры этыкі і каштоўнасцяў пры Каледжы Рамануджана ў Дэлі праводзіцца буйны праект пад заступніцтвам Яго Святасці Далай-ламы па прасоўванні агульначалавечай этыкі.
Затым трэба падумаць: што мы можам рабіць, каб натхняць іншых людзей станавіцца больш спагадлівымі? Гэта не павінна прымаць форму секты – гэта проста павінна быць адкрытасць, клопат і цеплыня. Магчыма, мы не зробім кардынальных змен у свеце, але па меншай меры мы можам паспрабаваць паўплываць на тых, хто дакладна можа паводзіць сябе больш спагадліва, але проста пакуль не думаў пра гэта. Як мы можам уплываць на іншых? Калі ў нас няма магчымасці сустрэцца з уплывовымі людзьмі, то па меншай меры трэба даследаваць, як мы самі можам распаўсюджваць ідэю пра важнасць спачування, незалежна ад таго, хто нашы слухачы, але асабліва важна распаўсюджваць гэтыя ідэі сярод моладзі. Урэшце, надзея на светлую будучыню звязана з сучаснай моладдзю.