Зварот Яго Святасці Далай-ламы ў свята Весак

З вялікай радасцю я накіроўваю свае віншаванні будыйскім братам і сёстрам па ўсім свеце, якія адзначаюць сёння Весак (Буда-пурніму).

Буда Шак'ямуні нарадзіўся ў Лумбіні, дасягнуў прасвятлення ў Бадхгаі і пайшоў з жыцця ў Кушынагары 2600 гадоў таму, аднак я веру, што яго вучэнне ўніверсальнае і па-ранейшаму захоўвае сваю актуальнасць. Кіруючыся глыбокім імкненнем дапамагчы іншым, Буда, дасягнуўшы прасвятлення, да канца сваіх дзён заставаўся манахам, дзелячыся вопытам з усімі, хто быў гатовы яго слухаць. Як у яго поглядзе пра залежнае ўзнікненне, так і ў навучанні пра непрычыненне шкоды і аказанне дапамогі кожнаму, каму мы ў сілах дапамагчы, робіцца асаблівы ўпор на практыцы ненасілля. У сучасным свеце яго вучэнне застаецца адной з самых дзейсных сіл дабра, таму што ненасілле, заснаванае на спачуванні, павінна служыць нашым братам і сёстрам – жывым істотам.

У нашым свеце ўсё становіцца больш узаемазалежным, і наш уласны дабрабыт і шчасце залежаць ад мноства іншых людзей. Выпрабаванні, з якімі мы сутыкаемся сёння, патрабуюць ад нас усвядоміць адзінства ўсяго чалавецтва. Нягледзячы на павярхоўныя адрозненні, людзі роўныя ў сваім асноватворным імкненні да міру і шчасця. Будыйская практыка ўключае, апроч іншага, трэніроўку розуму з дапамогай медытацыі. Каб практыкі заспакаення розуму і выхавання такіх якасцяў, як любоў, спачуванне, шчодрасць і цярпенне, былі дзейснымі, мы павінны практыкавацца ў іх у паўсядзённым жыцці.

Да нядаўняга часу розныя будыйскія суполкі, раскіданыя па свеце, мелі толькі аддаленае ўяўленне адна пра адну і не маглі па вартасці ацаніць, як многае нас аб'ядноўвае. Але сёння практычна ўся разнастайнасць будыйскіх традыцый, якія ўзніклі ў розных краінах, даступная ўсім, хто праяўляе цікавасць. А таксама тыя з нас, хто практыкуе і выкладае розныя будыйскія традыцыі, цяпер могуць сустракацца і вучыцца адно ў аднаго.

Як тыбецкі манах я лічу сябе спадчыннікам традыцыі Наланды. Тое, як будызм выкладаўся і вывучаўся ва Універсітэце Наланда, на аснове разваг і логікі, уяўляе сабой вышэйшы пункт яго развіцця ў Індыі. Калі мы хочам быць будыстамі 21 стагоддзя, важна вывучаць і аналізаваць вучэнне Буды, як многія рабілі ў Індыі, замест таго каб проста спадзявацца на веру.

З часоў Буды свет зведаў істотныя змены. Сучасная навука прыйшла да паглыбленага разумення матэрыяльнага свету. Паслядоўнікі будыйскай навукі, у сваю чаргу, дамагліся дэталёвага разумення працы свядомасці і эмоцый на асабістым вопыце; для сучаснай навукі гэтыя галіны дагэтуль застаюцца адносна новымі. У кожнай з навук, такім чынам, ёсць жыццёва важныя веды, і яны адна адну дапаўняюць. Я мяркую, што аб'яднанне гэтых двух падыходаў нясе велізарны патэнцыял для новых адкрыццяў, якія ў яшчэ большай ступені паспрыяюць нашаму фізічнаму, эмацыйнаму і грамадскаму дабрабыту.

Хоць менавіта мы, будысты, захоўваем вучэнне Буды, яго пасланне актуальнае і ў больш шырокім узаемадзеянні з астатнім чалавецтвам. Мы павінны гаварыць пра важнасць узаемаразумення ў адносінах паміж рознымі канфесіямі, падкрэсліваючы, што ўсе рэлігіі садзейнічаюць шчасцю ўсіх людзей. Акрамя таго, калі свет сутыкаецца з сур'ёзнымі крызісамі, наша здароўе аказваецца пад пагрозай і мы аплакваем сваякоў і сяброў, якіх страцілі, мы павінны засяродзіцца на тым, што аб'ядноўвае нас як членаў адной сям'і – чалавецтва. А значыць, трэба са спачуваннем працягнуць адно аднаму рукі, бо толькі аб'яднанне і толькі ўзгодненыя, усеагульныя намаганні дазволяць нам справіцца з гэтымі праблемамі беспрэцэдэнтнага маштабу.

Далай-лама,
7 мая 2020 г.

Top